ВЕ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,

першы прафесійны канцэртны аркестр Аўстрыі, адзін са старэйшых у Еўропе. Напачатку наз. «Аркестравы персанал імператарскай прыдворнай оперы». Першы канцэрт адбыўся ў 1842 пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў аркестра О.​Нікалаі. З 1860-х г. штогод праводзіць цыкл з 8 нядзельных абанементных канцэртаў, канцэрт памяці Нікалаі, урачысты навагодні канцэрт з твораў венскай лёгкай музыкі і інш. З 1917 афіцыйны аркестр Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары творы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, І.​Брамса, А.​Брукнера, Г.​Малера, Р.​Вагнера, Р.​Штрауса, П.​Чайкоўскага і інш. У складзе аркестра каля 120 чал. Сярод дырыжораў: Малер, Брамс, Вагнер, Брукнер, Штраус, Дж.Вердзі, Ф.Дэсаф, Г.Рыхтэр, Ф.Вейнгартнер, Ф.Шальк, Ф.Мотль, К.Мук, А.Нікіш, Э.Шух, Б.Вальтэр, А.Тасканіні, К.Краўс, В.Фуртвенглер, К.​Бём, Г.Караян.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)